Дадаў да старога паста пару здымкаў, якія рабіў апошні раз у Менску. Гэта ёсць маё вакно дома дзе, я калісьці нарадзіўся.
Мой горад – горад Менск,
дзе мы палілі лісьце. Жжалцелая трава…
Усё часцей мне сніцца
стары мой дом – мой дом 13А.
Тут я малы, ня памятаю кроў
у шпіталі пятым, мама нараджала.
Я распачаў жыццё, а потым плакаў,
што я не стану белым журавом.
Чарнеючыя дахі не заняты…
Нас так цягнула, тут ніхто зверне,
да краю падыйсьці, уніз глядзець,
там на людзей – рассыпанае зерне.
Я бачу цішыню халоднага пад’езду,
калі было шаснаццаць – я адзін
зайзросьціў Каплуну, ён бяз “наезду”,
мог Ірку Драк к сабе дамоў вадзіць.
Нам не хапала замкаў і палацаў,
Тут мы жылі бяз зброі і вайны,
Жадалі асалоды вышыні
Каб быць сабой і сьмерці не баяцца.
Ня буду час за хуткасьць наракаць,
Зноў стане цудам кожная вясна,
Гатовы я з дзіўленьнем адшукаць,
Дзе я жыву – мой дом 13А.
Вуліца мастака Васняцова. Хацелася б нарадзіцца на беларускай вуліцы, але не заўсёды атрымліваецца, як жадаецца. Я нарадзіўся менавіта тут. Пра гэта і верш.



Вось што я з месяц таму прачытаў у расійскай “Литературной газете” (не цытую, а пераказваю сваімі словамі): у вершах сучасных паэтаў можна знайсці што заўгодна – і глыбіню думкі, і трапнасць параўнання, і яркасць вобразу, і выдатную рыфму, і дасціпнасць, але ні ў чыіх вершах не бачна аднаго – асобы. Праглядаю вершы сучасных маладых рыфмавальнікаў ды рыфмавальніц, розных арцюхоў, лайковых, спіцыных і іншых – і злосна шлёпаю іх кніжачкі ці газеты з іх публікацыямі аб стол: зноў, ё-маё, час дарэмна патраціў, нічога паэтычнага не прачытаў, адны рыфмаванкі – часам нават правільныя, пісьменныя, без памылак напісаныя, але не больш чым рыфмаванкі. Няма такіх, хто жыў бы і пісаў так ярка, як жыў і пісаў Багушэвіч, як жыў і спіаў наш сучаснік Сыс… Сумна, няма ў нашым жыцці паэзіі, няма паэтаў (пра старых не гавару, ім ужо не доўга засталося).
Вершы пішуцца ня толькі, каб мінавіта стаць, ці быць паэтам. Вершы пішуцца, каб выказаць тое, што хвалюе, можа быць цікава іншым, ды проста ад жаданьня быць сабой. У маім выпадку, кола людзей, якія гатовы слухаць, ня вельмі вялікае: гэта тыя, хто побач, сябры. Я так разумею, што вы, мой seabr, у гэтае кола пакуль што не пападаеце. Пачакаем. Інтэрнет – гэта магчымасьць, гэтае кола пашырыць. Нажаль, не заўсёды лёгкая справа быць пачутым, яшчэ больш складаней быць зразумелым. З іншага боку, так, як пісаў Купала, Багдановіч, ці Сыс ужо не напіша ніхто. Будуць іншыя. Час выбярэ тых, хто варты. І гэта зусім на азначае, што трэба чакаць, склаўшы рукі, калі залічаць у спіс ‘выбраных’.
Дзякуй за каментар.
У кола сяброў я не ўвайду ні да каго, бо я такі чалавек, мне нядаўна нават астролаг зазначыла: “Вы добрая кампанія адзі на адзін, максімум адзін на два, але не больш, калектываў вы не пераносіце, і гэта ўзаемна – яны вас таксама выкідваюць з сябе”.
А што да цяжкасцяў з самавыражэннем у паэзіі, то вы, напэўна, можаце заўважыць, што тым жа Багушэвічу, Сысу, якіх я згадаў, Купалу, Багдановічу, якіх вы згадваеце, “пашанцавала” на трагізм – іх жыцці закончыліся заўчасна. Трагізм лёсу – адзін са спадарожнікаў сапраўднага паэтычнага таленту, ці наадварот, талент – фактар, які непазбежна прыводзіць да трагічнага фіналу. Я сапраўдную паэзію люблю, але сам паэтам быць не хацеў бы (пацвярджэннем таму – мой адзіны верш “Сум і нянавісць майго кахання”, хочаце – можаце глянуць на маім блогу, адрас у маіх каментатарскіх рэквізітах – ён таксама хоць і з гумарам, але трагічны). Магчыма, нейкі боб з гарохам атрымаўся ў маім выказванні, таму што зараз 3 гадзіны ночы, спаць пара.
Буду заглядваць на ваш сайт (я яго толькі ўчора выпадкова знайшоў) у чаканні чарговых твораў.
Цікава, цікава вы заўважылі, пра дуалізм трагічнасьці і таленту. Па-сапраўднаму так, але выглядае сумна і горка. Але можна прывесьці шмат прыкладаў, калі паэты: Таркоўскі, Броцкій, Колас, Фрост ( гэта толькі тыя, хто успамінаюцца вельмі хутка) жылі доўга і зрабілі шмат. І ня трэба было ім захлынацца гарэлкай (Сыс), ці чакаць, калі чэкісты скінуць з пятага паверху гатэлю Масква (Купала). Больш важна калі паэт, як і любы чалавек, адыходзіць, калі ‘пара прыйшла’, зрабіўшы тое, што трэба было зрабіць. Купала здаецца, рэалізаваўся больш чым мага, Багдановіч не пасьпеў. Што да мяне, дык больш даспадобы Колас, Барадулін, Разаноў, Караткевіч, чым Купала ці Багдановіч. Можа таму што апошніх зацёрлі да ‘дзірак’ у падручніках па беларускай літаратуры. Яшчэ адзін аргумент, паэзія – гэта праца. Калі з тысячы, выйдуць сотні талантаў, якія будуць чагосьці вартыя, а з гэтай сотні выйдуць дзесяць, якіх заўважаць, а з гэтых дзесяці адзін стане геніям – гэта і будзе вынік. І у гэтым ёсць таксама сэнс. Таму трэба пісаць, чытаць, параўноўваць, у чаканьні зьяўленьня таго, што вартае увагі . Дзякуй.