Паэтычная вечарына

2011/09/17

11 верасня 2011 года адбылася прэзентацыя майго паэтычнага зборніка “ШЛЯХ ДА ВЯРТАННЯ”. Зборнік выйшаў у красавіку гэтага года ў Менску, але амаль што паўгода заняло, каб пераслаць дастаткова кніг і правесці паэтычную вечарыну. Паэтычная вечарына… Не вельмі часта такое бывае… Прыйшло каля сарака чалавек. Размясціліся на двары нашай хаты – блага надвор’е было не па-восеньску сонечным і спякотным.

Вершы чытаў больш за гадзіну. Нават, напрыканцы пачаў прапускаць тыя, якія запланаваў прачытаць. Музыканты дуэта “Кантабіле” ігралі беларускія мелодыі, зачароўваючы слухачоў і дазваляючы мне крыху адпачыць. Паэзія і музыка гарманічна перапляталіся ў гэты празрысты, цёплы вечар.

Чытаць было лёгка. Публіка ўспрымала вершы вельмі пазітыўна.

Усе мы далёка ад Беларусі. Але бываюць моманты, калі кожны марыць пабываць у родных мясцінах, прайсці па менскіх ці іншых родных вуліцах, з’ездзіць на веску, ў дзедаву хату, паехаць на Вячу, або на Бярэзіну. Колькі такіх месцаў? У кожнага яны свае. Адчулася, што ў гэты вечар, была магчымасць гэта зрабіць – перанесціся ў Беларусь. Бо паэзія мае магчымасць пашырыць фізічную прастору, расцягнуць і павярнуць час, зрабіць тое, што не магчыма ў свеце фізічным.

Было шмат цёплых і прыемных слоў. Я ўдзячны ўсім, хто прыйшоў і падтрымаў беларускую паэзію, падтрымаў выхад маёй кніжкі. “ШЛЯХ ДА ВЯРТАННЯ” — гэта вяртанне да Бога, да сваіх беларускіх каранёў, вяртанне да мовы, да таго, што мы страчваем і на што парой не звяртаем увагі. Без гэтага не магчыма пабудаваць добрае і годнае жыццё. Беларусы стануць на гэты шлях, рана ці позна. Я знайшоў гэты шлях і вельмі гэтым цешуся.

Падпісваючы кніжкі, удзячна жадаў усім шчаслівага, светлага і шчырага адчування жыцця, — бо добрае ратуе і перамагае.

Потым была доўгая бяседа. Людзі размаўлялі, знаёміліся, усміхаліся адзін аднаму. Ігар Захараў, падыйшоў да мяне і сказаў, што сёння ён пабываў на Радзіме, нават нікуды не ад’язджаючы. Веру, што ўсе мы былі ў Беларусі ў гэты дзень, і паэзія – добры і рэальны шлях, каб гэта зрабіць. Рыгор Барадулін калісці напісаў, што “трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць
не госцем…

* * *
Цёплы вечар абудзіцца,
супакоіць туманам —
усё добрае збудзецца,
тое ўсё, пра што марым.
Подых восені журыцца
там, дзе дрэў сілуэты…
Усё добрае збудзецца,
незалежна ад мэты.
Чырвань клёнаў астудзіцца,
птушкі ўдаль адлятаюць —
усё добрае збудзецца,
не састарыцца памяць.
Па-за клёнамі вуліца
мне напомніць аб нечым…
Усё добрае збудзецца,
будзе шчырым і вечным.
Хай душа не разгубіцца,
цішыню не мінае,
усё добрае збудзецца,
дзесьці станецца намі.

З Івонкай заўсёды прыемна сфатаграфавацца


Санта Марыя Салютэ

2011/09/10

* * *
Санта Марыя Салютэ
зоркай гарыць над вадой…
Мне, што пазбегнуў пакутаў,
дорыць чароўны настрой.

І беражэ мае мары,
памяццю спечанай гліны,
і бірузовыя хвалі
дорыць свабодай імклівай.

Санта Марыя Салютэ
з светласцю лёс успрымае…
Венецыянскім салютам
у небе святлом ажывае.

Быццам з прасторы узяты,
сёняшні вечар чаруе,
а прыгажосць дзіўным святам
час раскалёны ратуе.

Венецыя. Сабор Санта Марыя делла Салюте.


БЕЛАЯ КАНАДЫЙСКАЯ САСНА

2011/09/09

БЕЛАЯ КАНАДЫЙСКАЯ САСНА

Амаль, што беларуская сасна…
Па назве я адразу уяўляю –
халодны дзень спакойна дагарае,
а за вакном марозная зіма.

І гэта канадыйскае зіма,
па выглядзе прыемная, празрыста
шукае шлях, каб заставацца чыстай
і дараваць пяшчоту хараства…

Гляджу, на белай светласці прастор,
ад хваляванняў сам сабе не веру –
упэўнена і ясна разумею,
што раптам ўсё змянілася вакол.

Бо бачу беларускую сасну…
Вось неба беларускае і поле,
а цішыня, што дыхае спакоем
па-беларуску марыць пра вясну.


Follow

Get every new post delivered to your Inbox.