У трэцім нумары беларускай газеты “Наша Ніва” ад 1(14) лютага 1908 году быў надрукаваны верш, тады яшчэ “шырока невядомага” беларускага паэта Янкі Купалы, “Хто ты гэтки?” Звярнуць увагу на гэты верш падштурхнула песня “Не будзь скотам!” ў выкананні Сяргея Міхалка. Песня стала гітом беларускай музычнай інтэрнет-прасторы і на сёнешні дзень на сайце youtube мае 394,404 праглядаў (калі Вы чытаеце гэты пост – ужо значна болей).
Верш “Хто ты гэтки?“ надрукаваны на 5-й і 6-й старонках. Надрукаваны, як падалося, сціпла і нязручна для чытання — трэба было перагортваць старонку, каб дачытаць верш да канца. Янка Купала падпісаў верш – “Янук Купала”.
Цікава, што ў той час “Наша Ніва” друкавалася на васьмі старонках і, нягледзячы на тое, што газета выходзіла ўжо трэцці год, беларускія літары “і”, “ў” яшчэ не ўжываліся. Не ведаю, можа адсутнічалі ў той час у тыпаграфіі. Газета выходзіла раз у тыдзень і друкавалася рускімі і польскімі літарамі, як паведамляецца на першай старонцы.
У гэтым жа нумары на 1-й старонцы надрукаваны верш “Тры кветкі”. З кантэксту не зусім зразумела, хто аўтар – падпісана: “З украинскай мовы перэлажыла (падкрэслена мною) на беларускую Ц—ка.” Далей шмат месца адводзіцца справаздачы аб “заседаньні” Дзяржаўнай Думы. Артыкуль так і называецца “У Думе и каля Думы.” Напрыканцы 3-й старонкі змешчаны верш Янкі Лучыны “Сивер” і “Атчот землеустраицельных камисий.” На 4-й старонцы — артыкуль “Аб арэндзи зямли у Беларуси”, які займае амаль што ўсю 4-ю і 5-ю старонкі. Там жа, напрыканцы 5-й, пачынаецца наш верш “Хто ты гэтки?” і працягваецца на 6-й. Далей ідуць навіны “З Беларуси и Литвы.” І на апошняй, 8-й старонцы, — невялічкія артыкулы “З усих старон” і “Забицьце партугальскага караля и наследника”.



