Выйшаў першы нумар часопіса “Маладосць” за гэты год, дзе надрукавана некалькі маіх вершаў.
У ГОРАДЗЕ — СПАКОЙ І ТАЯМНІЦЫ…
* * *
Збіраю час па кропельках падзей
ў дажджы жыцця з незразумелым заўтра,
дзе сэнс быцця не робіцца прасцей,
а дні лятуць непажадана шпарка.
Даўно не зазіраю ў каляндар –
парадак лічбаў ведаю выдатна…
Я родны Мінск нікому не аддам,
пакуль не разгляджу яго дакладна.
Цяпер ужо не трэба вырашаць,
дзе адшукаць патрэбныя мне словы,
каб часам патаемнае казаць
на вышыні даверанаю мовай.
* * *
Прачнуўся з подыхам зімы.
Знаходжу даўнія хваробы…
У панцырах шукаюць згоду
абледзянелыя дамы.
А снег ляціць, нібыта пыл,
машыны ўранку не стартуюць,
а неабсяжнасць не ратуе
малюнкі на вакне маім.
Мароз імкліва маляваў,
каб мы пабачылі ў фіранках,
як сонца блыталася ўранку…
Я ж дні гартаў, як каляндар.
* * *
Я не адзін… Душа мая са мною.
І гэта болей, чым кавалак хлеба…
Мне назаўсёды сталася сястрою
празрыстасць непадзеленага неба.
У горадзе — спакой і таямніцы…
І светлафоры — пацеркі на нітках
бясконцых вуліц… Час несіметрычны
шукае сэнс існуючай палітры.
Машыны… Ноч… Неонавае свята…
Я не адзін… І толькі супакоіць
мой горад светлы, хараством узняты,
што дабрыню спагадлівую дорыць.
Posted by shametka 




