Атрымаў аўтарскі экземпляр літаратульнага альманаха "Беларус 2011".
Вялікі дзякуй заснавальніку і выдаўцу альманаха спадару
Марату Клакоцкаму.
Вялікі дзякуй усім тым, хто падтрымлівае Беларускае Слова.

Атрымаў аўтарскі экземпляр літаратульнага альманаха "Беларус 2011".
Вялікі дзякуй заснавальніку і выдаўцу альманаха спадару
Марату Клакоцкаму.
Вялікі дзякуй усім тым, хто падтрымлівае Беларускае Слова.

У трэцім нумары беларускай газеты “Наша Ніва” ад 1(14) лютага 1908 году быў надрукаваны верш, тады яшчэ “шырока невядомага” беларускага паэта Янкі Купалы, “Хто ты гэтки?” Звярнуць увагу на гэты верш падштурхнула песня “Не будзь скотам!” ў выкананні Сяргея Міхалка. Песня стала гітом беларускай музычнай інтэрнет-прасторы і на сёнешні дзень на сайце youtube мае 394,404 праглядаў (калі Вы чытаеце гэты пост – ужо значна болей).
Верш “Хто ты гэтки?“ надрукаваны на 5-й і 6-й старонках. Надрукаваны, як падалося, сціпла і нязручна для чытання — трэба было перагортваць старонку, каб дачытаць верш да канца. Янка Купала падпісаў верш – “Янук Купала”.
Цікава, што ў той час “Наша Ніва” друкавалася на васьмі старонках і, нягледзячы на тое, што газета выходзіла ўжо трэцці год, беларускія літары “і”, “ў” яшчэ не ўжываліся. Не ведаю, можа адсутнічалі ў той час у тыпаграфіі. Газета выходзіла раз у тыдзень і друкавалася рускімі і польскімі літарамі, як паведамляецца на першай старонцы.
У гэтым жа нумары на 1-й старонцы надрукаваны верш “Тры кветкі”. З кантэксту не зусім зразумела, хто аўтар – падпісана: “З украинскай мовы перэлажыла (падкрэслена мною) на беларускую Ц—ка.” Далей шмат месца адводзіцца справаздачы аб “заседаньні” Дзяржаўнай Думы. Артыкуль так і называецца “У Думе и каля Думы.” Напрыканцы 3-й старонкі змешчаны верш Янкі Лучыны “Сивер” і “Атчот землеустраицельных камисий.” На 4-й старонцы — артыкуль “Аб арэндзи зямли у Беларуси”, які займае амаль што ўсю 4-ю і 5-ю старонкі. Там жа, напрыканцы 5-й, пачынаецца наш верш “Хто ты гэтки?” і працягваецца на 6-й. Далей ідуць навіны “З Беларуси и Литвы.” І на апошняй, 8-й старонцы, — невялічкія артыкулы “З усих старон” і “Забицьце партугальскага караля и наследника”.
11 верасня 2011 года адбылася прэзентацыя майго паэтычнага зборніка “ШЛЯХ ДА ВЯРТАННЯ”. Зборнік выйшаў у красавіку гэтага года ў Менску, але амаль што паўгода заняло, каб пераслаць дастаткова кніг і правесці паэтычную вечарыну. Паэтычная вечарына… Не вельмі часта такое бывае… Прыйшло каля сарака чалавек. Размясціліся на двары нашай хаты – блага надвор’е было не па-восеньску сонечным і спякотным.
Вершы чытаў больш за гадзіну. Нават, напрыканцы пачаў прапускаць тыя, якія запланаваў прачытаць. Музыканты дуэта “Кантабіле” ігралі беларускія мелодыі, зачароўваючы слухачоў і дазваляючы мне крыху адпачыць. Паэзія і музыка гарманічна перапляталіся ў гэты празрысты, цёплы вечар.
Чытаць было лёгка. Публіка ўспрымала вершы вельмі пазітыўна.
Усе мы далёка ад Беларусі. Але бываюць моманты, калі кожны марыць пабываць у родных мясцінах, прайсці па менскіх ці іншых родных вуліцах, з’ездзіць на веску, ў дзедаву хату, паехаць на Вячу, або на Бярэзіну. Колькі такіх месцаў? У кожнага яны свае. Адчулася, што ў гэты вечар, была магчымасць гэта зрабіць – перанесціся ў Беларусь. Бо паэзія мае магчымасць пашырыць фізічную прастору, расцягнуць і павярнуць час, зрабіць тое, што не магчыма ў свеце фізічным.
Было шмат цёплых і прыемных слоў. Я ўдзячны ўсім, хто прыйшоў і падтрымаў беларускую паэзію, падтрымаў выхад маёй кніжкі. “ШЛЯХ ДА ВЯРТАННЯ” — гэта вяртанне да Бога, да сваіх беларускіх каранёў, вяртанне да мовы, да таго, што мы страчваем і на што парой не звяртаем увагі. Без гэтага не магчыма пабудаваць добрае і годнае жыццё. Беларусы стануць на гэты шлях, рана ці позна. Я знайшоў гэты шлях і вельмі гэтым цешуся.
Падпісваючы кніжкі, удзячна жадаў усім шчаслівага, светлага і шчырага адчування жыцця, — бо добрае ратуе і перамагае.
Потым была доўгая бяседа. Людзі размаўлялі, знаёміліся, усміхаліся адзін аднаму. Ігар Захараў, падыйшоў да мяне і сказаў, што сёння ён пабываў на Радзіме, нават нікуды не ад’язджаючы. Веру, што ўсе мы былі ў Беларусі ў гэты дзень, і паэзія – добры і рэальны шлях, каб гэта зрабіць. Рыгор Барадулін калісці напісаў, што “трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць
не госцем…
* * *
Цёплы вечар абудзіцца,
супакоіць туманам —
усё добрае збудзецца,
тое ўсё, пра што марым.
Подых восені журыцца
там, дзе дрэў сілуэты…
Усё добрае збудзецца,
незалежна ад мэты.
Чырвань клёнаў астудзіцца,
птушкі ўдаль адлятаюць —
усё добрае збудзецца,
не састарыцца памяць.
Па-за клёнамі вуліца
мне напомніць аб нечым…
Усё добрае збудзецца,
будзе шчырым і вечным.
Хай душа не разгубіцца,
цішыню не мінае,
усё добрае збудзецца,
дзесьці станецца намі.
З Івонкай заўсёды прыемна сфатаграфавацца
У выдавецтве “Беларускі Кнігазбор” выйшла мая кніга вершаў “Шлях да вяртання”. Пасля выхаду кніжкі, не магу пазбавіцца адчування, што ў цяперашняй Беларусі гэта не лепшыя часы для вершаў, для паэзіі, для мастацтва… З другога боку, а калі яны ёсць, — ці былі, гэтыя лепшыя часы?
Шлях да вяртання — гэта шлях майго сапраўднага вяртання на Беларусь: вяртання да сваіх каранёў, сваёй мовы, свайго адчування ў свеце, на які я гляджу вачамі беларуса. Сталася так, што з’ехаўшы з Беларусі, я стаў большым і сапраўдным беларусам. Шлях да вяртання — мая своеасаблівая парада ўсім беларусам, як вярнуцца да свайго беларускага: да мовы сваіх продкаў, да стану душы, які дае магчымасць адчуваць сябе годна і шчасліва.
Нажаль, пакуль што, не адбылося вяртання фізічнага, але адбылося, як я лічу, нешта большае. Пра гэта кніжка.
* * *
Пасталелі дахі вышыні…
Я вярнуўся, каб цябе пабачыць,
горад мой, які, на жаль, я страціў
ў пошуках праўдзівай цішыні.
Зноў душа без права на змаганне
мітусіцца, моўчкі спадзяецца,
адчувае новае вяртанне
і шчаслівай нават падаецца.
Я стаю, – усё мне цешыць зрок
на праспекце у пачатку лета.
Трэба перайсці на іншы бок,
каб купіць апошнюю газету.
Не скажу, што зараз я адзін,–
мой няўдзячны лёс ідзе павольна.
Каб адчуць насычанасць хвілін,
проста так стаю, стаю спакойна.
Дзе зноў буду? Паглядзім пазней,–
верыць не жадаю ў спадзяванні…
Час ідзе – мне робіцца прасцей
цёмных вокнаў адчуваць дыханне.
Пасля падарожжа на апошнім тыдні па лясах канадыйскай Кіларні і вярнуўшыся дамоў, ня мог пазбавіцца ад адчування, што краявіды, якія сустракаў, ужо бачыў ранней.
“- А, вось яно адкуль!” – успомнілася пазней. “Група сямі (Group of Seven http://en.wikipedia.org/wiki/Group_of_Seven_(artists) ) ” – група канадыйскіх мастакоў, якая на пачатку двадцатага стагодзя працавала ў гэтых мясцінах, малюючы тутэйшыя пейзажы. Менавіта гэтыя карціны паўстаюць цяпер, калі углядаюся ў зробленыя фота і успамінаю чысты, просты і прыгожы край канадыйскай поўначы.
Тыдзень як вярнуўся, а адчуваю, што яшчэ не вярнуўся зусім.

Быў на сустрэчы беларусаў з паэтам Уладзімерам Някляевым, які быў у Атаве некалькі дзён. Ён словы, быццам, цвікі ўганяе ў прастору сваім дасканалым паэтычным напорам, – вобразы імгненна малюцца і адчуваюцца.
Бывай, Яблонская, бывай!
Прабегла восень па фальварку -
І графіка такая ў парку,
Хоць парк у раму забірай…
Выйшаў літаратурны альманах Беларус 2009, дзе былі надрукаваны шэсць маіх вершаў.
У “Нашай Ніве” быў невялікі артыкуль пра гэты апошні рэліз:
http://www.nn.by/index.php?c=ar&i=30537