Пачатак зімы

2010/11/21

Пачатак зімы

1

У Менску рана – тры гадзіны ночы.
Яшчэ не спю – ў Атаве толькі восем…
Ў прагны час, каб не бурыць святочнасць,
на сем гадзін працягне вечар восень…
Тут дрэвы не пазначаны на мапах,
Шато Лаўр’ер мне адчыняе дзверы…
Вось цяжка цягнуць ваяры гарматы
на помніку… Мне іх не бачна веры…
Веленавым святлом цякуць гадзіны
па вуліцах … Зусім не разумею –
чаму губяюць годныя ліцвіны
свой шанц адзіны…Цёмны вечар грэе…
Я ж слухаю эфірны шум прасторы…
У Менску тры, а мне няма жадання
зноў аб’язджаць дарожныя заторы
і не лічыць свой шлях выратаваннем.

2

Зіма… Няма куды спяшацца…
Жыццё па коле вернецца настроем,
анёлы пастараюцца застацца, -
малююць неба фарбай неспакою.
Мне не знайсці (не чутна нават слова)
свой шлях, што застаецца выпадковым…
Іду адзін, каб адшукаць святое,
наіўнае, жывое наваколле…
Няма праспектаў, толькі ёсць хайвэі, -
фарды і лексусы… На газ мацней націсні…
На хвалях радыё мажорны вецер вее,
і раніцай тут малако не кісне.
А голас вечнасці праўдзівы вецер сее…
Надвор’е кепскае, а горад не пусцее
Ў маім жаданні восень не старэе…
Халодным днём Шато Лаўр’ер сагрэе…

3

Пачатак там, дзе скончыцца жыццё,
дзе кожная хвіліна – адкрыццё
адлюстравання… Светлым сном астыў
мой горад, што няспынна, ціха плыў,
а потым пераходзіў ў жорсткі бег…
У парк іду… Лажыцца першы снег…
Халодны край паўстане ў поўны рост,
мне вершам нагадае Роберт Фрост
пра восень, без жадання даказаць,
прастую ісціну, а проста так сказаць:
калі ў цябе ёсць хоць адзін чытач,
то варта вершы для яго пісаць
і чуць свой голас ў поўнай цішыні,
і разумець, што больш вы не адны…
Атаву-рэчку Свіслачу б назваць,
каб ведаць далей, што яшчэ чакаць.

4

Зноў восень адступіла ад сталіцы
і конніца непадуладных лісцеў
не вернеца… Ёй болей не спыніцца
і смокчуць лужы спрытныя сініцы…
Я неба падзяляю на кварталы,
тут сцёк вады пралічаны дакладна…
Вось толькі часу засталося мала -
прастора слова выдалена з заўтра.
Ужо без спадзявання на нябёсы,
каб не губляць апошнюю магчымасць
раблю свой крок насустрач снам і лёсу,
і не пытаю: “Дзе ж яна, айчына?”
Мне годным падаецца лёс адданы,
куды ісці здаецца не пытанне…
Забыты горад млее лістападам
і чысты снег над горадам лунае.


Удзячнасць

2010/11/20

Калі халодны дзень не цешыць,
не прагне скораму вяртанню,
я раскажу табе пра вечнасць,
пра шчырасць нашага кахання.
Адчуем подых дзён бязмежных
разлічым лёсу верагоднасць,
калі разбураныя вежы
дадуць убачыць нашу годнасць.
Калі непажаданасць слоты
сумненні разбівае факты,
калі пішу, нібы па нотах,
табой пазычаныя такты.
А тое, што заўсёды побач
мне падаецца выпадковым,
твая душа, і ўдзячны голас
ужо мне будзе дастатковым.
Хоць лёс – імгненне да спачыну,
на колькі мне магчыма бачыць
табе я буду, дзе магчыма
казаць адно – сваю ўдзячнасць.


***

2010/11/16

* * *

Нажаль, мяне няма…
Вяртаецца зіма…
На вуліцах сталіцы
мне чысты снег прысніцца.

Мне чысты дзень прысніцца
На вуліцах сталіцы…
Без думак і жаданняў
іду шукаць каханне.

Бяз веры пра вяртанне
іду гуляць у каханне….
На вуліцах сталіцы
спакоем снег лажыцца.

Двароў не чую роспач,
бо ты са мною побач…
Вяртаецца зіма…
Нажаль, мяне – няма…


* * *

2010/11/15

* * *

Адчую дзён бясконцасць доўгіх…
Вачэй вялікіх светлафоры
святло давалі быцам сонца,
а лямпачку на калідоры
мы не ўключалі.
Нас трымала
свабода, каб сябе спазнаць…
Жыццё нічым не замінала
свой шлях, той ноччу пачынаць.
Гадзіннік цікаў неспакойна…
Было дванаццаць, можа болей…
Лёс падаваўся выпадковым,
як там у кніжках.
Толькі вольна
час раздаваў ісця авансы…
А я глядзеў табе у вочы,
каб не лічыць апошнім шанцам
чароўны край, той доўгай ночы.


* * *

2010/11/01

* * *

Неба падае з рук… Пачынаецца восень…
Светлагорскія сосны нібыта калоссе
(калі б быў я вышэй).
Напярэдадні ночы
шлях шукаю з вакзала, што лёс напрарочыў.
Мне пашарпанасць сцен не дае памыліцца,
Ты мяне сустракаеш,
мне ж ужо не спыніцца.
А сумненні даўно спадзяваняў не варты…
- Ты прыехаў? Паедзеш, напэўна, не заўтра?
І пяшчотна глядзіш… Небу робіцца лёгка,
Баха граць не спыняецца радыёкропка.
І збірае ў раку неба кропелькі волі.
- Без цябе я назад не паеду ніколі.


***

2010/10/21

У рэчкі мудрасці вучуся,
і не страшуся глыбіні…
Я адчуваю, што вярнуся
у надыходзячыя дні.

Паўстануць вобразы, як плынi…
Мне іх ужо не абмінуць,
вось вечар у тумане стыне
і берагі ракі плывуць.

У рэчкі лёгкасці вучуся,
спакой над вечнасцю цаню,
і быць сабою ганаруся,
а неўдзячнасць абміну.

Вучуся жыць жыцём празрыстым
і адчуваю, што знайду
удзячны шлях, каб словам чыстым
душы памерыць глыбіню.


Маладосць 6, 2010

2010/09/05

Атрымаў на апошнім тыдні чэрвеньскі нумар часопіса “Маладосць”, ў якім надрукавана падборка маіх вершаў. Дзякуй усім, хто быў датычаны, каб зрабіць гэтую публікацыію магчымай (І.К.,С.Ш.,В.Т.,В.Ш.).


Кіларні і Група Сямі

2010/08/29

Пасля падарожжа на апошнім тыдні па лясах канадыйскай Кіларні і вярнуўшыся дамоў, ня мог пазбавіцца ад адчування, што краявіды, якія сустракаў, ужо бачыў ранней.

“- А, вось яно адкуль!” – успомнілася пазней. “Група сямі (Group of Seven http://en.wikipedia.org/wiki/Group_of_Seven_(artists) ) ” – група канадыйскіх мастакоў, якая на пачатку двадцатага стагодзя працавала ў гэтых мясцінах, малюючы тутэйшыя пейзажы. Менавіта гэтыя карціны паўстаюць цяпер, калі углядаюся ў зробленыя фота і успамінаю чысты, просты і прыгожы край канадыйскай поўначы.

Тыдзень як вярнуўся, а адчуваю, што яшчэ не вярнуўся зусім.


ПАЗЛ*

2010/07/29

Па двум дарогам не пайсці -
я тут не выбіраю.
У думках час не абыйсці -
ня ведаю, што далей.

Расце сунічнік па двары.
Часцей мяне вяртае
у дзіцячы лес, да той пары
якой даўно ня маю.

Змяняе правілы парой
свабода ў выгнанні,
яна здаецца мне гульнёй -
гульнёй выпрабаванняў.

Сухі дрымотнік на вакне
дзяцінства мне вяртае…
Няпросты пазл на стале
з пражытых дзён складаю.

Пазл (анг. puzzle) – праблема ці задача, якая правярае кемлівасць, таго, хто гэтую праблему вырашае.


Уладзімер Някляеў

2010/06/09

Быў на сустрэчы беларусаў з паэтам Уладзімерам Някляевым, які быў у Атаве некалькі дзён. Ён словы, быццам, цвікі ўганяе ў прастору сваім дасканалым паэтычным напорам, – вобразы імгненна малюцца і адчуваюцца.

Бывай, Яблонская, бывай!
Прабегла восень па фальварку -
І графіка такая ў парку,
Хоць парк у раму забірай…


Менск – Вільня

2010/06/08

Заўсёды, калі выпадае паехаць у Монтрэаль – адчуванне, што еду ў Вільню. Можа таму, што Мантрэаль ад Атавы, як Вільня ад Менску, прыкладна на адной адлегласці: 180 кіламетраў;можа таму, што трэба пераяджаць мяжу паміж Антарыё і Квэбэкам. Мяжа, пакуль, што умоўная, але ў будычыні, хто ведае – цяжка загадываць наперад. А адрозненні відавочныя: французкая мова, іншыя людзі, іншае культурнае асяродзе. І гэта – самае галоўнае, бо сапраўды Монтрэаль з’яўляецца канадыйскай культурнай сталіцай. Тут больш адбываецца культурных падзеяў, тут адчуваецца подых старой Еўропы, якая прыплыла сюды некалькі стагодзяў таму назад. Тут добра адпачываецца. Калі засумуеш, трэба паехаць у Монтрэаль – смак французкага віна, палепшыць настрой. Нажаль, ніколі ня ездіў цягніком, як гэта заўсёды рабіў, калі ехаў у Вільню. Наступны раз абавязкова – на цягніку.

* * *

Не ходзяць цягнікі – хайвэі,
тут Манрэаль, амаль што Вільня.
Каб зноў адчуць, як вецер вее,
я выключаю свой мабільны.

Гатэлі, паркі, гандляры,
забыты порт на тым жа месцы,
французы… Неба ад зямлі
вышэй ў Мак-Гілаўскім прадмесці.

Хаджу не так, як па сцяжы,
і брук на слых кладзецца лёгка.
Касцёлы, шопы, калажы,
і цені хуткія аблокаў…

Пабудзіць раніцай анёл:
“Вярнуцца ты яшчэ павінен…”
І еду, еду цягніком,
бо Манрэаль – другая Вільня.


Беларус у Нью Ёрку. Дзень першы. Пачатак.

2010/05/21

У 1987 годзе, вядомы ангельскі спявак Стынг (Sting www.sting.com ) напісаў песню “Ангелец у Нью Ёрку” (Englishman In New-York www.youtube.com/watch?v=0Vq0FRUjSbA ) , дзе параўнаў сябе з іншапланетнай істотай, якая апынуўшыся ў Нью Ёрку, не разумее тутэйшых парадкаў. Стынг спяваў пра розніцу паміж ангельцамі і ньюёркцамі, пра свой акцэнт, пра тое, як адчуваў сябе трасніком у дзікім горадзе. Слухаў я песню ( вельмі пазытыўную і лірычную) і нешта не разумеў – не вязаліся разам сэнс слоў і мелодыя песні. Можа менавіта з той пары, запала жаданне апынуцца ў Нью-Ёрку, каб самаму параўнаць, што ж праўдзівей на свеце ці то словы, ці то музыка.

Але ў тыя далёкія часы, каб дабрацца да Нью Ёрку, трэба было мець амерыканскую візу, якая давала магчымасць купіць білет на амерыканскі Boeing, толькі ў адзін бок, і таму ідэя не атрымала далейшага працягу.

Час мяняе наваколле, мяняе нас, падпарадкоўваючыся нашым жаданням. Так атрымалася, што маючы канадыйскі пашпарт і японскую Таёту ( Toyta ), якая спадзяюся паслужыць яшчэ некалькі гадоў, дабрацца да Нью Ёрк Сіті з канадыйскай Атавы, паводле Гугл (Google www.google.com ) магчыма сёння за сем з паловай гадзін. Тут трэба удакладніць, што дабрацца менавіта да Нью Ёрк Сіті, а не Нью Ёрка – бо памежнік на мяжы не адразу зразумеў, куды ж мы менавіта едзем, пачуўшы пра Нью Ёрк. Але пра гэта крыху пазней. А пакуль, адкінушы на сядзенне свой GPS, які пачаў адказвацца ўводзіць амерыканскі ZIP код гатэлю, дзе мы павінны былі спыніцца, у спадзяванні купіць амерыканскую мапу па дарозе, завёў машыну і мы паехалі.

Да амерыканскай мяжы амаль гадіна з паловай на машыне. Зноў падумаў пра Стынга, вырашыўшы назваць свае будучыя замалёўкі “Беларус у Нью Ёрк Сіті” (Belarusian In New York City), бо песьня вельмі добра слухаецца і сёння :

It takes a man suffer ignorance and smile
(Тут давядуць чалавека да пакутаў ад невуцтва і усмешак)
Be yourself no matter what they say…
(Будзь самім сабой незалежна ад таго, што яны кажуць…)

Напяваючы гэтыя словы – хайда ў Нью Ёрк Сіті.


Беларус у Нью Ёрку. Дзень першы. Мяжа.

2010/05/21

У пятніцу раніцай праехаць канадыйска-амерыканскую мяжу заняло хвілін дваццаць.

”Where you are going?” – трымаючы нашыя пашпарты, запытаўся памежнік, калі мы пад’ехалі да яго кабінкі. Памежнік, на выгляд гадоў трыццаці, невялікага росту, руды, трымаўся упэўнена і спакойна.

”To New York.”
“Where?”
“To New York” – думаючы, што ён не пачуў, паўтарыў я.
”Where in New York? Where you are going stay?”

Тут я зразумеў, што існуе штат Нью Ёрк, у якім мы павінны апынуцца, пераехаўшы мяжу, і існуе Нью Ёрк Сіті – горад Нью Ёрк, куды мы, менавіта, і накіроўваемся.

“In New York City.” – канчаткова удакладніў я.
“Where you are going stay in New York City?”
“We made a hotel reservation in New Jersey.”
“You are going to stay in New Jersey.” – гэта было ўжо не пытанне – памежнік канчаткова зразумеў куды ж мы накіроўваемся і больш пытанняў не задаваў. Прасканіраваў нашы пашпарты і толькі дадаў: “You are all set”.

Я націснуў на газ і мы апынулася ў Злучаных Штатах Амерыкі. Не магу казаць пра адчуванні Алісы з вядомай кніжкі, але ў гэты момант падумаў менавіта пра яе. Нават не пра Алісу, а пра Джоні Дэпа, які сыграў у апошнім кіно “Аліса ў краіне цудаў” (Alice in Wonderland) – такі ў капялюшыку, вельмі нагадвае чымсці дзядзку Сэма – дурненькі амерыквнскі стэрятыпны сымбаль – толькі колеры іншыя.

“Welcome To New York” (Запрашаем у Нью Ёрк ) – сустрэў нас дарожны знак, маючы на ўвазе менавіта штат, а не горад. Мы паехалі па дарозе з лічбай – 65. Гэта хуткасць у мілях, якая дазваляецца на гэтым участку дарогі. Мілі, а не кіламетпы; галоны, а не літры; фарэнгейты, а не градусы – ўсё іншаму. Іншае вымірэнне, іншая цывілізацыя. Амерыканцы ня лепшыя і ня горшыя – яны іншыя. Іншыя ад захаплення да ненавісці. З імі трэба весці па іншаму, па іншаму размаўляць, думаць.

Амерыка. Тут не вельмі лічыцца з тваім меркаваннем ( а дзе лічацца?). Галоўнае ты таксама можаш не лічыцца з іншымі. У гэтым свабода – маеш права сам выбіраць, як табе жыць. А узровень жыцця па выгляду дарог, якасці сэрвіса выглядае больш якасным, нават у параўненні з Канадай. Але усё адносна ў жыцці – якім ты бачыш яго, такім яно і выглядае. Апошні сказ банальны, але на сто адсодкаў падыходзіць, да месца ў якое мы цяпер накіроўваемся.


Беларус у Нью Ёрку. Дзень першы. Штат Нью Ёрк і штат Пенсільванія.

2010/05/21

Праехалі амерыканскую мяжу – запрацаваў GPS. Цяпер мачыма увесці адрас і ня думаць больш пра мапы – GPS вывязе куды трэба. Вядзе дакладна, падказываючы куды ехаць далей, дзе звярнуць. Адразу GPS паказаў, што ехаць нам 300 кіламетраў па штаце Нью Ёрк да штату Пенсільванія. Цяпер можна ўключыць круіз-кантрол і крыху расслабіцца: ня думаць пра дарогу. Дарога роўная і ня будзе зварочваць, да Пенсільваніі.

Хутка зрабіў першыя здымкі. Ці падобныя на беларускія пейзажы? І так і не так. Падумалася, якая б розніца не была, неба – толькі яно адно падобнае на сто адсодкаў, з тым што мы бачым на Беларусі. Дзе б я ня быў, куды б ня ехаў, колер неба заўсёды адзіны: ці ты ў Менску, ці ў Парыжы, ці тут у Амерыке – неба адно на ўсіх. Яно мяняецца пры розным надвор’і, але гледзячы на неба ты ніколі не зразумееш, дзе ты апынуўся. Ты ніколі не выбіраеш неба. Ты можаш выбраць дарогу, але не выбіраеш неба. Неба гэта душа, якая выбірае цябе.

Спыніліся ў Серакузах, каб нешта перакусіць – едзем далей. Пенсільванія выгдядае больш цікавей, але часу разглядаць наваколле няма. Працягваем рухацца, каб да вечара дабрацца да Нью Ёрку.

Пенсільванія чымсці нагадвае украінскія Карпаты. Горы не вялікія, але пакатацца на лыжах зімовай парой, тут – адно захапленне.

Дарога з двух палоснай пераходзіць у тры паласы. Мы пад’яджаем да Нью Джэрсі. Колькасць машын павялічываецца, трэба глядзець і слухаць, што кажа GPS. Cпыніцца не магчыма, амаль прапускаю паварот. GPS дае каманду на права. Дарога раздвайваецца – губляюся ў якім накірунку ехаць. Еду ужо на ўздагад, але пападаю правільна – потым рэзка направа і зноў налева. Амерыканскія хайвэі. Трэба мець вопыт, каб тут справіцца. Але спраўляюся, маючы больш – менш вопыт паводзінаў на хайвэе і мы, дарэчы, дабіраемся да гатэлю.

Гэта тое, што мы сёння праехалі. Дарога ад Атавы да гатэлю заняла 8-м з паловай гадзін. Ня кепска. Трэба усталявацца ў гатэль і заўтра на Манхэттэн. Дзень першы скончаны. Нью Ёрк адміністрацыйна раздзелены на 5 раёнаў: Бронкс, Бруклін, Квінс, Манхэтан, Статэн-Айленд. За два наступныя дні мы павінны пабываць у двух: Манхэтан і Бруклін.


Дзень другі. Ніжні Манхэтн (Downtown).

2010/05/21

Усталі рана. Трэба было пераехаць з Нью Джэрсі, дзе мы здымалі гатэль (http://www.holidayinn.com/hotels/us/en/secaucus/hmnnj/hoteldetail#) у Нью Ёрк. Аўтобус нумар 320, у раніцу ходзіць кожныя 10 хвілін. Астаноўка недалёка ад гатэлю. Аўтобус ішоў па спецыяльнай дарозе, нырнуў у Лінкалн тунэль (Lincoln Tunnel), які звязывае пад вадой Нью Джэрсі і Нью Ёрк Сіту, вынырнуў і мы апынуліся на 42-й вуліцы Манхэтэна. Дарога заняла 15 хвілін. Вельмі зручна арганізавана. Білет на дарослага 7.50$ у два канцы, дзецям да дванаццаці гадоў бясплатна. Тым жа шляхам вярталіся ўвечары назад.

Вось ён Нью Ёрк: каляровы, высокі, шматлюдны, небяспечны і незразумелы. Людзі, машыны, будынкі, цёплы асвальт, гарачыя вочы крамаў, няспынны паток людзей, якія ідуць, але нікуды не спяшаюцца.

Горад вар’ятаў, вочы нулі,
шторм з акіяна – не патануць,
неба ня бачна, ня бачна зямлі
кожны ў сабе тут не мае цаны.

Нешта такое застракатала ў галаве. Стоп, стоп, хутчэй выключыць гэта.

Дзень выдаўся цёпны, але сонца не было. Фотакарткі атрымаліся шэраватыя, несвяточныя, таму можна глядзець даўга, стараючыся заглянуць у кожная вакно, адчуць аб’ёмнасць і спакой ці намаганні, якія трэба было прыкласці, каб збудаваць гэту моц і веліч.

За такі даволі кароткі перыяд амерыканцы збудавалі горад, які варты захаплення. Прага да дзеяння – тыповая амерыкаская рыса. Менавіта яны вывелі формулу дзеяння, якая дала найлепшыя вынікі. Дзядам сёняшніх амерыканцаў трэба было угрызацца ў гэтую зямлю, дакладна адваёвываць яе для сябе і будаваць цывілізацыю. Менавіта цывілізацыя прыгадваецца, калі бачыш Манхэтэн.

Той узровень цывілізацыі, да якой амерыканцы дайшлі за гады свайго жыцца заслугоўвае вялікай павагі. Прага да дзеяння – галоўнае, што адрознівае амерыканцаў ад іншых. Ня думай, што скажуць іншыя – дзейнічай. Успомніліся нашыя дзяды, якія гінулі ў войнах, бурылі і будавалі свае гарады, але не здолелі зрабіць тое, чым магчыма б было ганарыцца. Але гэта – іншая справа, а пакуль мы ідзем далей і горад з удзячнасцю вітае нас энегріяй вялікай павагі.

Мне вельмі падабаецца НьюЁркская архітэктура. 3D будынкі стараюцца выцягнуцца адзін перад адным ды й перад тымі, хто унізе звяртае на іх увагу. Будынкі цягнуцца да неба, і здаецца праз некалькі гадоў будуць яшчэ вышэй, настолькі жывымі яны выгдяжаюць. Няма тут еўрапейскай раскошы і рысоўнасці, але ёсць густ, сучаснасць, нягдедзячы на тое, што шмат з іх пабудавана амаль сто гадоў таму. Чым старэйшы становіцца горад, тым цікавей ён становіцца. Вы не знойдзеце шмат рамантызму ў Нью Ёрку – сказаў сабе, і падумаў, што гэта ня праўда. Нью Ёрк – многатварны. Калі пашукаць, то абавязкова знойдзецца: і цішыня вуліц, і ўзнёслыя юнацкія вочы, і кава, і чырвонае віно і ружы.

Дарэчы пра ружы. Калі мы ехалі на аўтобусе ў Манхэтэн, адзін дзівак на скрыжаванні, прадаваў ружы. Бегаў ад машыны к машыне і прапаноўваў тры букеты руж. Я яшчэ падумаў, хто ў яго тут купіць, у такім месцы? Менавіта хтосці купляе, калі ён выбраў тое месца.

Мы хадзілі па Нью Ёрку і я забыўся пра Менск.


Follow

Get every new post delivered to your Inbox.